Вы здесь

Старадаўнія культавыя помнікі ў наваколлях Лаўрышаўскага манастыра

Маслюкоў Т. В. (Рэспубліка Беларусь, г. Мінск)

(Матэрыял дакладу на IX міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў”, Мінск, 13–14.09.2018.)

Свята-Елісееўскі Ла́ўрышаўскі мужчынскі манастыр, які дзейнічае ў Навагрудскай і Слонімскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, з'яўляецца гістарычным пераемнікам старадаўняга Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра, заснаванага каля 1258 г. пры ўдзеле Войшалка Міндоўгавіча (вялікі князь ВКЛ у 1264 – 1267 гг.) [1]. Яго заснавальнікам быў таксама прападобны Елісей, першы ігумен Лаўрышаўскі [2, с. 8, 36]. У 2018 г., можна лічыць, Лаўрышаўскаму манастыру спаўняецца 760 год. З гэтым манастыром звязана знакамітае Ла́ўрышаўскае евангелле – адметны помнік ілюстраванай рукапіснай кнігі ў Беларусі, які, паводле найноўшых высноў, створаны каля 1269 – 1288 гг. [3, с. 156–160] Манастыр дзейнічаў у в. Ла́ўрышава, высокага ўздыму дасягнуў у XVI ст. У 1836 г. быў зачынены; адноўлены ў 1913 ля в. Гнесічы, але ў 1915 разбураны і спыніў існаванне ў ходзе І-ай сусветнай вайны. Новае ўзнаўленне манастыра адбылося ў 2007 г. ля Гнесіч (Шчорсаўскі сельскі савет Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці). На цяперашні час гэта самы ранні па часе заснавання дзеючы мужчынскі манастыр у Беларусі.

Лаўрышава згадваецца з пачатку XV ст. як месца размяшчэння манастыра [4, с. 4] (верагодны год складання дакумента – 1424 [5, с. 338]). Доўгі час адзіным вядомым помнікам, які адносіцца да старадаўняй гісторыі манастыра, была Свята-Успенская Лаўрышаўская царква, якая згадваецца з 1517 г. [6] і наноў адбудавана ў 1775 [7]. Археалагічныя працы, мэтай якіх быў пошук і даследаванне першапачатковага селішча манастыра, праводзілі М. А. Ткачоў (1971), А. М. Кушнярэвіч (1988), А. К. Краўцэвіч (1990) [8], С. Я. Рассадзін (2011 – 2016). У 2012 г. у ходзе раскопак быў знойдзены, у прыватнасці, фрагмент валунна-цаглянага фундамента. Ён суаднесены з царквой св. Мікалая, якая паводле ўкладнога запісу ў Лаўрышаўскім евангеллі была пабудавана каля 1350 г. на сродкі князя навагрудскага Міхаіла-Карыята Гедзімінавіча, пасля яго вяртання з ардынска-маскоўскага палону [9]. Уяўленні пра дзеючую Свята-Успенскую царкву былі дапоўнены ў 2016 г. ў выніку археалагічнай расчысткі невядомай да таго крыпты [10].

Аднак археалагічныя помнікі, якія адносяцца да манастыра, як высветлілася ў 2017 і 2018 гг., існуюць не толькі на манастырскім селішчы ў Лаўрышаве, але і ў яго наваколлях.

У публікацыях па гісторыі манастыроў сустракаюцца згадкі пра інвентарны вопіс Лаўрышаўскага манастыра 1802 г. у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Украіны ў Львове [11]. Аднак звесткі пра адзінку захоўвання састарэлі, таму ў сакавіку 2017 г. быў праведзены паўторны пошук і выяўленне гэтага дакумента (дырэктар архіва Д. Пельц, супрацоўнік фондаў А. Когут). У знойдзеным вопісе, сярод іншага, ёсць звесткі пра манастырскую капліцу. Іх фотакопія цяпер апублікавана [12, с. 133]. Яны пададзены наступным чынам (пераклад з польскай):

"Акрамя таго, за вёскай, Лаўрышавам званай, недалёка ёсць капліца з могілкамі, на якіх пахаваны памерлыя манахі і людзі той жа вёскі, капліца тая поглядам ад манастыра мае свае размяшчэнне на поўнач, непадалёк ля могілак, абсаджаных вербамі. Тая капліца з дрэва брусаванага, гонтам крытая, двума глаўкамі з крыжамі жалезнымі аздоблена, акон у ёй тры, звон адзін у глаўцы, дзверы простыя на завесах з клямкамі для замка навяснога. Алтар у ёй сталярскай работы, маляваны на оптыку, ў ім абраз Укрыжаванага Збавіцеля, з дрэва выразаны; уверсе абраз св. Варвары, на палатне маляваны, за шклом, сцены аздоблены папяровымі шпалерамі. Падлога і столя з дошак." [13, арк. 7]

У інвентарным вопісу 1824 г. гэты храм згадваецца як манастырская Крыжаўздвіжанская капліца [7]. Ён пазначаны на мапах 1908, 1924 і 1938 гг.

У 2017 г. пры расчыстцы старадаўняй часткі старых могілак (цяпер зачыненых) на ўскрайку Лаўрышава быў знойдзены фундамент гэтага храма [14]. Ён мае памеры 12,2 х 5,72 м. Арыентаваны алтарнай часткай на паўднёвы захад (з боку ўваходу на мапах XIX ст. паказана дарога Лаўрышава – Гнесічы). Складаецца з ганка, прытворнай і асноўнай (у т. л. алтарнай) частак, пабудаваны з валуннага камня на вапнавым растворы без выкарыстання цэглы, глыбіня да 0,8 м. Фундамент асноўнага памяшкання мае памеры 11,07 (у т. л. алтарная частка – 4,65) на 5,72 м. Даўжыня фундамента левай ад уваходу сцяны асноўнага памяшкання (без алтарнай часткі) – 6,61 м, правай – 6,46. У 3-граннай апсідзе даўжыня сярэдняй часткі фундамента 3,62 м, левай ад уваходу – 2,69, правай – 2,46. Фундамент прытвору мае памеры 3,45 х 2,05 м, ганак 1,67 х 1,1 м.

Пры расчыстцы ўчастка фундамента ў паверхневым зборы знойдзены 10 фрагментаў сценак глінянага посуду, з іх 1 фрагмент ляпны VIIІ – IX стст., 5 раннеганчарных X – XIV стст., 4 познеганчарных XVIІ – XVIII стст. (вызначэнне Н. М. Дубіцкай). На адным з раннеганчарных фрагментаў маецца арнамент у форме гарызантальных ліній, які найбольш уласцівы для XIII ст.

Пасля расчысткі ўчастка фундамент быў закансерваваны, раскопкі не праводзіліся. Побач было расчышчана месца верагодных манастырскіх пахаванняў к. XVIII – 1-ай пал. XIX ст., і сумесна з манастыром усталяваны драўляныя крыжы, пры гэтым была вызначана адсутнасць культурнага слоя і археалагічных матэрыялаў. Таму верагодна, што фрагменты посуду, якія сустракаюцца ў межах фундамента, звязаны менавіта з будаўніцтвам і рамонтам капліцы.

У ходзе расчысткі гэтага ўчастка з манастыра былі атрыманы звесткі аб тым, што паводле вуснай інфармацыі прыхаджан, на могілках у в. Гнесічы і Казённыя Лычыцы (Шчорсаўскі с/с) таксама некалі існавалі манастырскія капліцы, і месцы іх размяшчэння мясцовым жыхарам вядомы. Звесткі пра капліцу ў К/Лычыцах ёсць у вопісу 1824 г. [7] Пры аглядзе ўчастка візуальна вызначаны контур фундамента.

Гнесічы згадваюцца з пач. XV ст. як мясцовасць у межах зямель манастыра [4, с. 4]. Капліца ў Гнесічах у вопісах не згадваецца, аднак пазначана на мапе 1908 г. Фундамент візуальна не праглядаецца, але ў 2 – 3 м на паўднёвы захад ад яго мяркуемага размяшчэння ў 2018 г. выяўлены 2 каменныя крыжы на адлегласці каля 2 м адзін ад другога, арыентаваныя пярэдняй паверхняй на ўсход [15].

Крыж 1 (рысунак 1) выраблены з пясчана-жвірова-галечнага кангламерату, крыж 2 (рысунак 2) – з кварцытавага пясчаніку (візуальнае вызначэнне). Памеры крыжа 1 (см): вышыня – 95, шырыня – 64, таўшчыня – 19; шырыня вертыкальнай часткі ўнізе – 34, уверсе – 25; даўжыня левай бакавой часткі – 18, правай – 16.

Памеры крыжа 2 (см): вышыня – 85, таўшчыня – 13; шырыня вертыкальнай часткі ўнізе – 31, уверсе – 22; даўжыня левай бакавой часткі – 10, правая бакавая частка на захавалася; шырыня без правай бакавой часткі – 34. На крыжы 2 ў перакрыжжы праглядаецца высечаная выява крыжыка з двума літарамі над ім, якія, верагодна, захаваліся ад традыцыйнага надпісу “ІC XC NIKA”. Ля крыжа 1 на глыбіні 0,4 м знойдзены фрагмент вянца глінянага посуду XIV ст. (вызначэнне Н. М. Дубіцкай).

Тыпалогія каменных крыжоў Панямоння не распрацаваная, таму на цяперашні час вызначэнне даціроўкі гэтых помнікаў не рабілася. Мяркуючы па форме і тэхніцы апрацоўкі камня, Гнесіцкія каменныя крыжы могуць адносіцца да XIII – XV стст. Верагодна, яны былі выраблены і ўсталяваны на землях манастыра як паклонныя альбо памятныя, а да капліцы, магчыма, перенесены ў больш позні час.

Каменныя культавыя помнікі ў наваколлях Лаўрышава дапаўняюць ужо існуючыя дакументальныя і археалагічныя крыніцы па гісторыі Лаўрышаўскага манастыра, які з'яўляўся адным з важнейшых духоўных цэнтраў беларускіх зямель з часу ўтварэння ВКЛ.

ЛІТАРАТУРА

  1. ПСРЛ. – Т. 2. Ипатьевская летопись [Электронный ресурс] // Санкт-Петербург, 1908. – Стлб. 859. – Режим доступа: http://litopys.org.ua/ipatlet/ipat37.htm – Дата доступа: 14.10.2018.
  2. Koiałowicz, A. Miscellanea rerum ad statum ecclesiasticum in Magno Lithuaniae Ducatu pertinentium [Electronic resource] / А. Koiałowicz. – Vilnae : Tipis Academicis, 1650. – Modus accessum: http://www.dbc.wroc.pl/dlibra/doccontent?id=8527&from=FBC – Aditus date: 14.10.2018.
  3. Темчинас, С. Ю. Основание Лавришевского монастыря в свете рукописной продукции книжника Иева (вторая половина XIII века) / С. Ю. Темчинас // «Вертоград многоцветный». Сборник к 80-летию Бориса Николаевича Флори / Институт славяноведения РАН. – Москва : Индрик, 2018. – С. 155–161.
  4. Обмежевание спорных земель Лавришовского монастыря, произведенное Новгородским наместником Петрашем Монтигирдовичем, по приказанию великого князя Витовта // Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. – Т. 11. – Вильна : Типография А. В. Сырнина, 1880. – С. 3–4. – Режим доступа: http://www.runivers.ru/lib/book3036/9555/ – Дата доступа: 14.10.2018.
  5. Гудмантас, К. "Натыфікацыя пра Лаўрышаўскі манастыр, выпісаная са старой летапіснай хронікі" Дзяметрыя Занкевіча. Даследаванне і публікацыя крыніцы / К. Гудмантас, А. Рычкоў // Архэ. Пачатак. – 2016. – № 2. – С. 329–349. – Рэжым доступу: https://arche.by/item/6164 – Дата доступу: 14.10.2018.
  6. Фундуш Аляксандра Іванавіча Хадкевіча Лаўрашаву манастыру 3 сакавіка 1517 г. / Archiwum klasztoru Ławryszowskiego przepisane roku 1791 // Vilniaus universiteto biblioteka. Rankraščių skyriaus rinkiniai. – Rps. F А-2105.
  7. Wiadomość o Klasztorze Zakonu S[więtego] Bazylego W[ielkiego] Ławryszowskim znayduiącym się w Gubernii Grodzieńskiey, Powiecie Nowogródzkim, we wsi funduszowej Ławryszów zwaney, w Dyecezyi Brzeskiey Rzymsko-Unitskiey Roku 1824 Miesiąca Czerwca 20 Dnia wsk, 1824 r. // Vilniaus universiteto biblioteka. Rankraščių skyriaus rinkiniai. – Rps. F 4-35674 (A-2314).
  8. Краўцэвіч, А. К. Археалагічныя даследаванні Лаўрышаўскага манастыра на Панямонні / А. К. Краўцэвіч // З глыбі вякоў. Наш край. – Мінск : Навука і тэхніка, 1996. – В. 1. – С. 227–234.
  9. Рассадин, С. Е. О предполагаемой постройке Михаила-Кориата Гедеминовича в Лавришевском монастыре / С. Е. Рассадин // Наукові записки [Кіровоградського державного педагогічного університету ім. Володимира Винниченка]. – Серія: Історичні науки. – Выпуск 22. – Кіровоград, 2015. – С. 31–36.
  10. Рассадин, С. Подземное сооружение Успенской церкви в д. Лавришеве на Новогрудчине / С. Рассадин, Т. Маслюков // Історія та сучасність православ'я на Волині : матеріали VІI науково-практичної конференції (Луцьк, 8 листопада 2016 р.). / Волинська єпархія УПЦ, Волинська духовна семінарія, Видавничий відділ Волинської єпархії. – Луцьк, 2016. – С. 122–124.
  11. Akta, dokumenty i rękopisy, powiązane z klasztorem: Bazylianie, Ławryszewo // Dziedzictwo kulturowe po klasztorach skasowanych na ziemiach dawnej Rzeczypospolitej oraz na Śląsku w XVIII i XIX w.: losy, znaczenie, inwentaryzacja [Электронны рэсурс]. – Wrocław. – 2014. – 31 сакавіка. – Tryb dostępu: http://pw.kasaty.pl/pl/klasztor/Monastery/551/akta-dokumenty-rekopisy.html – Dostęp data: 14.10.2018.
  12. Воцінава, С. Прыгоды ў вялікай пясочніцы [Электронны рэсурс] / С. Воцінава // Маладосць. – 2017. – № 12. – С. 128–135. – Рэжым доступу: https://bit.ly/2UgerEn – Дата доступу: 14.10.2018.
  13. Wiadomość o Klasztorze Bazyliańskim Ławryszewskim, 1802 r. // Центральний державний історичний архів України у Львові. – Фонд 201. – Оп. 4б. – Спр. 539.
  14. Яшчэ адзін духоўны аб'ект з'явіўся на карце Беларусі [Электронны рэсурс] // Беларусь 1. – Мінск. – 2017. – 31 ліпеня. – Рэжым доступу: https://bit.ly/2HJ5vl2 – Дата доступу: 14.10.2018.
  15. Каменныя крыжы XIII стагоддзя знойдзеныя на тэрыторыі аднаго з самых старажытных хрысціянскіх манастыроў [Электронны рэсурс] // Беларусь 1. – Мінск. – 2018. – 30 ліпеня. – Рэжым доступу: https://bit.ly/2FGu1kw – Дата доступу: 14.10.2018.