Вы здесь

Археалагічныя раскопкі фундамента капліцы

У 2019 г. пачаліся археалагічныя раскопкі фундамента Крыжаўздвіжанскай капліцы Лаўрышаўскага манастыра. Капліца некалі дзейнічала на старых могілках в. Лаўрышава, цяпер зачыненых. Пра яе ёсць звесткі ў інвентарных вопісах манастыра за 1802 і 1824 г.

Час пабудовы капліцы невядомы. У вопісу 1824 г. напісана толькі, што яна “старая”. Пры гэтым пра Увазнясенскую капліцу, якая існавала ў в. Лычыцы, пададзена, што яна пабудавана ў 1782 г., а Успенская царква ў Лаўрышаве – у 1775, і яны не лічыліся “старымі”. Відавочна, Крыжаўздвіжанская капліца была пабудавана так даўно, што ў 1824 г. пра час яе будаўніцтва ўжо ніхто не ведаў. Для таго, каб даведацца, і вядуцца раскопкі.

Фундамент мае памеры 12,2 х 5,72 м, глыбіня да 0,8 м. Ён складзены з валуноў, без цэглы, і змацаваны вапнавым растворам. Для параўнання можна сказаць, што фундамент Успенскай Лаўрышаўскай царквы ў ніжняй частцы таксама валунны, але зверху – цагляны. Крыжаўздвіжанская капліца, відаць, будавалася тады, калі нідзе паблізу цэглу яшчэ не выраблялі. Цэгла, верагодна, увайшла ў выкарыстанне ў гэтай мясцовасці пасля будаўніцтва Любчанскага замку (1581 г.).

У Беларусі капліцамі называюць як невялікія цэрквы, так і маленькія царкоўныя пабудовы без алтарнай часткі (каплічкі). У Крыжаўздвіжанскай капліцы была алтарная частка, гэта значыць, храм быў невялікай царквой. У 2019 г. была раскапана палова фундамента. Самы ранні будаўнічы матэрыял, які знойдзены пры раскопках – фрагменты аконнага шкла XVII стагоддзя (вызначыў кандыдат гістарычных навук, дацэнт Л. У. Калядзінскі).

Аднак па дакументах вядома, што ў XVII ст. манастыр перажываў заняпад, і наўрад ці тут вялося будаўніцтва. Верагодней, што капліца пабудавана не пазней XVI ст. А ў канцы XVIII – пачатку XIX ст. выйшлі правілы аб тым, што могілкі павінны знаходзіцца на ўскраіне населеных пунктаў, і, верагодна, ў гэты час участак каля капліцы адвялі пад могілкі – манастырскія і сельскія.

Археалагічныя экспедыцыі ў Лаўрышаве праводзяцца з 2011 г. Зараз іх вядзе Інстытут гісторыі НАН Беларусі сумесна з Лаўрышаўскім манастыром. На раскопках працуе археалагічная валанцёрская група. У яе можа ўступіць любы дабраахвотнік, які мае ўзрост не меньш 16 год, адносіцца да асноўнай катэгорыі па фізкультуры па месцы навучання і паспяхова прайшоў выпрабаваўчы тэрмін. Усе валанцёры працавалі старанна. Але хацелася б адзначыць студэнта факультэта электрасувязі Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Анатоля Калбасіна, які працаваў на раскопках 6 поўных экспедыцый, і тых, хто працаваў 5 поўных экспедыцый – гэта настаўніца гісторыі вышэйшай катэгорыі гімназіі г. Калінкавічы Гомельскай вобласці Ірына Мікалаеўна Калбасіна, студэнткі Дзіяна Барадзіна (факультэт эканомікі і кіравання Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі) і Яна Трацэўская (факультэт аздараўленчай фізічнай культуры і турызма Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры), а таксама навучэнец сярэдняй школы № 164 г. Мінска Леў Рукін.

У ліпені – жніўні 2020 г. раскопкі фундамента плануецца працягнуць.

Т. В. Маслюкоў, археолаг, магістр гістарычных навук

Фотаздымкі.

  1. Пачатак раскопак.
  2. Расчыстка фундамента апсіды (алтарнай часткі) і нааса (асноўнага памяшкання).
  3. Раскапаная частка апсіды і нааса.
  4. Поўная глыбіня фундамента нааса (дзяленне мернага бруска – 10 см).
  5. Расчыстка фундамента: з правага боку – наас, з левага – прытвор.
  6. Раскапаны фундамент прытвору.
  7. Трэніроўка па аказанню першай меддапамогі.
  8. Засыпка раскопа.
  9. Пляцоўка пасля завяршэння раскопак 2019 г., фундамент накрыты плёнкай і засыпаны пяском.
  10. Удзельнікі экспедыцыі ў музеі манастыра.