У жніўні 2021 г. працягнуты археалагічныя раскопкі фундамента Крыжаўздвіжанскай капліцы, якая калісьці дзейнічала на старых могілках у Лаўрышаве. Гэты невялікі храм адносіўся да Лаўрышаўскага манастыра. Ён быў пабудаваны з драўляных брусоў на валунным фундаменце.
Раскопкі вядуцца для таго, каб вывучыць канструкцыю фундамента і вызначыць час пабудовы капліцы. Першы этап раскопак праводзіўся ў 2019 годзе. Тады быў раскапаны фундамент прытвору і паўднёвая частка фундамента асноўнага памяшкання. Сёлета раскапана і абследавана яго паўночна-ўсходняя частка.
На раскопках працавала археалагічная валанцёрская група з 7 чалавек, і яшчэ двое выконвалі дапаможныя даручэнні. Амаль усе яны не раз удзельнічалі ў раскопках у Лаўрышаве. Сярод моладзі асабліва добра праявілі сябе старэйшыя ўдзельнікі: з хлопцаў – навучэнец Іван Малец (які закончыў 3 курс аддзялення тэхнічнага забяспячэння працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці Жыровіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа), а з дзяўчын – студэнтка Дар’я Быстрыцкая (закончыла 1 курс факультэта міжкультурных камунікацый Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта).
Раскопкі вядуцца Інстытутам гісторыі НАН Беларусі пры ўдзеле Лаўрышаўскага манастыра. На цяперашні час вызначана, што капліца была пабудавана не пазней XVII стагоддзя. Фундамент захаваўся поўнасцю, што дазваляе вывучаць па ім прыёмы будаўніцтва малых храмаў у мінулым.
Т. Маслюкоў
Фота 1. Пачатак раскопак, зняцце дзірванова-глебавага слоя.
Фота 2. Даследаванне культурнага слоя (пласта зямлі, які ўтварыўся ў час існавання капліцы).
Фота 3. Расчыстка фундамента на глыбіню культурнага слоя.
Фота 4. Зачыстка паверхні мацярыковага грунта.
Фота 5. Раскапаная частка фундамента на глыбіню культурнага слоя.
Фота 6. Расчыстка фундамента на яго поўную глыбіню.
Фота 7. Фрагмент усходняй сценкі фундамента (дзяленне мернага бруска – 1 дм).
Фота 8. Завяршэнне раскопак. Узнаўленне грунтовага запаўнення фундамента.
Фота 9. Засыпка раскопа і ўзнаўленне дзірванова-глебавай паверхні.
Фота 10. Участак пасля заканчэння работ.