У Мінску праведзена даследаванне медальёнаў, якія былі знойдзены пры археалагічных раскопках крыпты Успенскай царквы в. Ла́ўрышава. Царква згадваецца ў дакументах з 1517 года, а ў 1773 была адбудавана наноў. Крыпта, верагодна, таксама адносіцца да 1773 года. У XIX стагоддзі пры рамонце храма яна была засыпана. Пры яе расчыстцы ў 2016 г. былі выяўлены, у прыватнасці, крыж і два медальёны-абразкі (іконкі).
Раскопкі вяліся пад кіраўніцтвам вядомага археолага прафесара С. Я. Рассадзіна (1958 – 2017). Абразок 1 і крыж былі знойдзены ў саркафагу, у якім знаходзіліся рэшткі абгорнутай зялёнай тканінай ра́кі з костнымі парэшткамі чалавека, перенесенымі аднекуль у крыпту. Крыж і абразок 1 выявіла пры пераборцы грунта Дзіяна Барадзіна, на той час – валанцёр ІІІ ступені Лаўрышаўскай археалагічнай экспедыцыі, студэнтка 1 курса факультэта эканомікі і кіравання Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі (г. Гомель). Абразок 2 быў знойдзены аўтарам гэтага артыкула ў грунце вышэй саркафага.
Даследаванне, праведзенае ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, паказала, што крыж і абодва абразкі з’яўляюцца каталіцкімі. Гэта тлумачыцца тым, што ў той час, калі была ўладкавана крыпта, Лаўрышаўскі манастыр належаў да ўніяцкай царквы.
Абразок 1, як паказала даследаванне, выраблены ў XVIII стагоддзі. Ён мае памеры 43,86 × 34,04 мм і таўшчыню 7 мм, адліты з меднага сплава, часткова захавалася залачэнне. На яго аверсе (пярэднім баку) – роставая выява каталіцкага святога Ігнація Лаёлы ў мантыі і 4-кутнай шапцы-берэце, вакол галавы лінейны німб, профіль накіраваны ў бок левай рукі. І. Лаёла змагаецца з дэманам у выглядзе доўгахвостага цмока, які змешчаны ў правам баку выявы. У правай руцэ, паднятай угору, І. Лаёла трымае палку, якой замахваецца на цмока, якога трымае левай рукой; вакол цмока прамяністы арэол. Уверсе – эмблема Ордэна езуітаў, якая абкружана прамяністым арэолам. З левага боку ад І. Лаёлы вялікі 4-канцовы лацінскі крыж. Па перыметры – надпіс на лацінскай мове S[ANCTVS]•IGN[ATIVS]•D[E]•L[OYOLA] («Святы Ігнацій Лаёла» – літары, якія ўзяты ў квадратныя дужкі, на абразку зкарочаны). Іканаграфічная кампазіцыя заключана ў лінейную рамку.
На рэверсе (зваротным баку) – іканаграфічная кампазіцыя, прысвечаная смерці каталіцкага св. Францыска Ксаверыя на востраве Шанчуаньдаа (правінцыя Гуандун, Кітай). Францыск Ксаверый з лінейным німбам вакол галавы і распяццем у руках ляжыць на саване пад саламяным дахам, на якім размешчаны два херувімы. Кампазіцыя асвячаецца промнямі святла. З правага боку ўнізе – выява карабля, які трапіў у шторм і ў які б’юць маланкі. Па перыметры – надпіс лацінскай мовай S[ANCTVS]•FR[ANCISCVS]•XA[VERIVS] («Святы Францыск Ксаверый»); кампазіцыя заключана ў лінейную рамку. Абразок заключаны ў рамку з прамавугольным вушкам для прывешвання. Ён выпушчаны Ордэнам езуітаў. Аналагічны абразок апублікаваны ў 2008 г. у адным з каталогаў у Іспаніі.
Абразок 2 выраблены ў XVIII – XIX стагоддзях. Яго памеры – 42,85 × 27,27 мм, таўшыня 5 мм. Ён складаецца з ліцавой шкляной пласціны, металічнай задняй вечкі і аб’ёмнай металічнай рамкі. Спосаб выраблення металічных дэталяў – ліццё і штампоўка з меднага сплаву. Паміж шкляной пласцінай і вечкай ўстаўлена пласціна з прымацаванай да яе гравюрай на паперы, на якой адлюстравана франтальная выява Іісуса Хрыста ў іканаграфіі «Выратавальнік свету». Галава Хрыста – з доўгімі валасамі і барадой; правай рукой Хрыстос благаслаўляе, а ў левай трымае дзяржаву, якая сімвалізуе зямны шар пад яго ўладай; рамка завяршаецца агалоўем з колцам для нашэння. У верхняй частцы рамкі захаваўся крапёжны цвік для фіксацыі абразка. Рамка аздоблена рэльефным насечкавым арнаментам і пасерабрэннем. Аналагічныя абразкі не вядомы, а падобныя па канструкцыі знойдзены пры археалагічных раскопках у Літве і Польшчы.
Даследаванне выканаў Аляксандр Алегавіч Кунаш – навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Цэнтра археалогіі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Апісанне наперснага крыжа будзе апублікавана пазней.
Крыж і абразок 1 былі пакладзены ў саркафаг, верагодна, пасля перанясення ў крыпту ўшаноўваемых парэшткаў у 1773 г. Абразок 2 мог патрапіць у крыпту пры яе засыпцы ў XIX ст.
Т. Маслюкоў
Фота 1. Пад’ём грунта з крыпты ў дзень выяўлення знаходак – 22 ліпеня 2016 г.
Фота 2. Удзельнікі экспедыцыі, якія вялі працу па крыпце ў дзень выяўлення знаходак: з левага ў правы бок – Станіслаў Змушка, Анатолій Калбасін, Аляксандр Рабушка (расчыстка падземнага збудавання), Дзіяна Барадзіна (пераборка грунта).
Фота 3. Крыж з распяццем.
Фота 4. Абразок 1 (аверс).
Фота 5. Абразок 1 (рэверс).
Фота 6. Абразок 2.
Навуковыя публікацыі
Рассадин, С. Подземное сооружение Успенской церкви в д. Лавришеве на Новогрудчине / С. Рассадин, Т. Маслюков // Історія та сучасність православ'я на Волині: матеріали VІI наук.-практичної конф. (Луцьк, 8 листопада 2016 р.). / Волинська єпархія УПЦ, Волинська духовна семінарія, Видавничий відділ Волинської єпархії. – Луцьк, 2016. – 196 с. – С. 122–124.
Кунаш, А. А. Рымска-каталіцкія рэлігійныя абразкі XVII – пачатку XX стст. з тэрыторыі Беларусі: пытанні тапаграфіі, храналогіі, інтэрпрэтацыі (па матэрыялах археалагічных даследаванняў) / А. А. Кунаш // Матэрыялы па археалогіі Беларусі = Materials on the archaeоlogy of Belarus : зб. навук. арт. / Ін-т гісторыі НАН Беларусі. – Вып. 31 : Даследаванне беларускіх старажытнасцей (да 80-годдзя з дня нараджэння А. Г. Калечыц) / гал. рэд.: В. М. Ляўко. – Мінск : Беларуская навука, 2020. – С. 122–135.