Гэты артыкул быў надрукаваны ў навуковым зборніку “Магістарскі веснік”, і прадстаўляе звесткі аб ранніх фрагментах глінянага посуду, якія знойдзены пры археалагічных раскопках каля Свята-Успенскай царквы в. Лаўрышава. Дадзеная кераміка адносіцца да перыяду з канца IX стагоддзя да XIII стагоддзя. Самыя раннія фрагменты гэтай керамікі могуць адносіцца да невялікага пасялення – магчыма, гэты быў двор, які належаў знатнай асобе і быў падараваны манастыру пры яго заснаванні, а кераміка другой паловы XIII ст., верагодна, ужо манастырская. На сайт артыкул змешчаны без змяненняў.
Анатацыя
Значную колькасць археалагічнага матэрыяла, які выяўлены пры даследаваннях селішча перыяду Сярэдневякоўя і Новага часу ў в. Лаўрышава (Шчорсаўскі с/с, Навагрудскі р-н, Гродзенская вобл.), складаюць фрагменты раннеганчарнага посуду. Найбольш раннія з іх адносяцца да к. IX – XII стст. Раннеганчарны посуд XIII ст., які, верагодна, адносіцца да Лаўрышаўскага манастыра (заснаваны каля 1258 г.), тыпалагічна суадносіцца з матэрыяламі сярэдневяковага Навагародка.
Уводзіны
Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр, які дзейнічае ў Навагрудскай і Слонімскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, з'яўляецца гістарычным пераемнікам старадаўняга Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра. Паводле Галіцка-Валынскага летапісу, сын першага вялікага князя ВКЛ Міндоўга – Войшалк Міндоўгавіч (вялікі князь ВКЛ у 1264 – 1267 гг.) “оучини собѣ манастырь на рѣцѣ на Немнѣ межи Литвою и Новъıмъгородъкомъ и тоу живѧше" (ст.-руск.) [1] ("ўчыніў сабе манастыр на рацэ на Нёмане, паміж Літвой і Наваградкам, і там жыў" [2]). Згодна даціроўцы, якая ўведзена ў летапісу, гэтая падзея прыпадае прыкладна на 1258 г. Паводле звестак А. Віюк-Каяловіча, першым ігуменам манастыра быў прападобны Елісей Лаўрышаўскі, які, магчыма, з’яўляўся сынам Трайдзеня (вялікі князь ВКЛ у 1270 – 1282 гг.) [3, с. 8, 36].
Пісьмовых крыніц пра развіццё манастыра ў XIII ст. не захавалася. Аднак вядома, што на працягу першага стагоддзя яго існавання для манастырскага храма было створана знакамітае Лаўрышаўскае евангелле – выдатны прыклад сярэдневяковай ілюстраванай рукапіснай кнігі ў Беларусі [4, с. 14]. Паводле высновы С. Цемчынаса, кніга адносіцца да 1260 – 1280-х гг. [5, с. 156–160], іншыя даследчыкі таксама адносяць яе да часу не пазней 1329 г. З XIV ст. манастыр адлюстраваны ў дакументах як значны цэнтр духоўнага жыцця. У 1424 г. месцазнаходжанне манастыра дакументальна фіксіруецца ў в. Лаўрышава (зараз Шчорсаўскі с/с, Навагрудскі р-н, Гродзенская вобл.) [6, с. 4; 7, с. 338]. У пач. XVI ст. у дакументальных звестках у адносінах да Лаўрышаўскага манастыра ўпершыню ў Беларусі быў ужыты назоў "лаўра" [8]. Манастыр быў зачынены ў 1836 г., а ў 1913 – 1915 узноўлены і дзейнічаў ля в. Гнесічы за 2 км ад Лаўрышава.
Археалагічныя абследаванні, мэтай якіх быў пошук першапачатковага селішча Лаўрышаўскага манастыра, пачаў у 1971 г. М. А. Ткачоў ля в. Гнесічы. Ён абследаваў участак па правы бок ад р. Нёман, дзе манастыр размяшчаўся ў 1913 – 1915 гг.; выявіў там стаянку каменнага і бронзавага вякоў. Цяпер ёй нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі 3 (шыфр 413В000447). У 1988 г. А. М. Кушнярэвіч знайшоў у гэтай мясцовасці фундамент манастырскай царквы пач. XX ст. У 1998 г. там быў пабудаваны новы храм, а ў 2007 г. узноўлены Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр. Аднак культурны слой перыядаў Сярэдневякоўя і Новага часу ў гэтым месцы не выяўлены.
Археалагічныя абследаванні ў в. Лаўрышава ўпершыню правёў у 1990 г. А. К. Краўцэвіч. Абследаванні вяліся каля Лаўрышаўскай царквы Успення Прасвятой Багародзіцы, якая згадваецца з 1517 г. і наноў адбудавана ў 1775 г. як манастырская. Ускраіна вёскі ля гэтага месца мае мясцовую назву Закляшторак. На падставе здабытага падчас раскопак археалагічнага матэрыялу была зроблена выснова аб тым, што культурны слой гістарычнага Лаўрышаўскага манастыра знойдзены, і што нельга выключаць верагоднасць месцазнаходжання сярэдневяковага манастыра на гэтым месцы з самага пачатку яго існавання (такому меркаванню спрыялі знаходкі XIV – XV стст.) [9]. Пасля ўзнаўлення Лаўрышаўскага манастыра Свята-Успенская царква зноў увайшла ў яго склад.
У 2011 – 2016 гг. тут праводзіліся раскопкі, якія вяла Лаўрышаўская археалагічная экспедыцыя пад кіраўніцтвам С. Я. Рассадзіна [10], а ў 2017 – 2018 гг. пры манастыры дзейнічаў валанцёрскі гісторыка-пошукавы летнік. Працы вяліся па ініцыятыве і пры падтрымцы Лаўрышаўскага манастыра і яго ігумена Яўсевія (Цюхлова), з дабраславення архіепіскага Навагрудскага і Слонімскага Гурыя, а з 2016 г. – і з дабраславення мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, патрыяршага экзарха ўсея Беларусі. У працах удзельнічалі студэнты Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі (2011 – 2015), навучэнцы Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа (2014) і дабраахвотнікі (у асноўным моладзь і падлеткі, 2013 – 2018) [11]. Аўтар гэтага артыкула браў удзел у працах у якасці памочніка кіраўніка экспедыцыі па палявой апрацоўцы археалагічных матэрыялаў і арганізацыйных пытаннях (2012 – 2016) і кіраўніка летніка (2017, 2018). Даследавана 204 кв. м культурнага слоя, які дасягае таўшчыні больш за 1,6 м, а таксама выканана расчыстка засыпкі падземнага збудавання ў Свята-Успенскай царкве, шурфоўка ў памяшканнях царквы [12] і інш.
Значным археалагічным матэрыялам, які падцвярджае існаванне селішча ў час Сярэдневякоўя, з’яўляецца раннеганчарны посуд (гліняны посуд, які вырабляўся пераважна на ручным ганчарным коле). Мэтай гэтага артыкула з’яўляецца абагульненне звестак і інтэрпрэтацыя раннеганчарнага посуду ў Лаўрышаве.
Характарыстыка археалагічнага селішча ў Лаўрышаве
Селішча размешчана ў паўднёвай частцы в. Лаўрышава, з правага боку р. Валоўка (левы прыток р. Нёман), непадалёк ад яе ўпадзення ў Нёман. Можна меркаваць, што абранне месца для размяшчэння манастыра на беразе р. Валоўка было не выпадковым. Выток гэтай рэчкі знаходзіцца непасрэдна на паўднёвай ускраіне г. Навагрудка [13], які ў XIII ст. быў цэнтрам Навагрудскага княства, а магчыма, і ўсяго ВКЛ. Верагодна, менавіта ўздоўж рэчышча Валоўкі і праходзіў самы ранні шлях з Навагрудка да манастыра. У XIII ст. Валоўка была, відавочна, больш паўнаводная, чым у наш час (цяпер яе рэчышча часткова каналізаванае), і ў сваім ніжнім цячэнні прахадзімая для лёгкіх суднаў. Валоўка была натуральным арыенцірам пры ажыццяўленні зносін паміж цэнтрам княства і манастыром. Можна меркаваць, што гэтая акалічнасць нагадвала насельніцтву, сярод якога манастыр вёў місіянерскую дзейнасць, пра факт удзелу ў заснаванні манастыра двух прадстаўнікоў вялікакняжацкіх дамоў – Войшалка і Елісея, якія сваім асабістым жыццёвым прыкладам яскрава паказалі прыналежнасць да праваслаўнай веры. Рэчка, выток якой знаходзіўся непадалёк ад вялікакняжацкага замка, а вусце – паблізу манастыра, у пэўнай ступені сімвалізавала прасторавую сувязь манастыра з цэнтрам княства.
Планіграфічна селішча ў Лаўрышаве складаецца з 2 няроўных па плошчы розначасовых частак. На паўночны захад за царкву, у частцы, якая размешчана бліжэй да сучаснага выраўнаванага рэчышча р. Валоўка, на плошчы да 0,3 га выяўлены культурны слой з раннімі пластамі (Ранняе селішча). Ён адносіцца да 2 пал. XIII – пач. XVIII стст. У цяперашні час на Раннім селішчы знаходзіцца зямельны ўчастак індывідуальнага жылога дома.
Больш позні культурны слой, які адносіцца ў асноўным да к. XVII – пач. XIX стст., выяўлены вакол царквы на плошчы каля 1 га, на ўзвышшы да 10 – 12 м над узроўнем сажалкі, якая да сяр. 2010-х гг. была злучана канавай з р. Валоўка (Позняе селішча). Гэта месца вышэй на 1,5 – 2,5 м за Ранняе селішча.
Найбольш ранні археалагічны матэрыял, які выяўлены падчас раскопак – невялікая колькасць крэмневых абломкаў і адшчэпаў з рэтушшу, а таксама фрагмент рэгулярнай пласціны, які можа датавацца эпохай мезаліту (ляпная кераміка не выяўлена). Асноўны археалагічны матэрыял адносіцца да перыядаў Сярэдневякоўя і Новага часу.
Фрагменты глінянага посуду з'яўляюцца найбольш масавым матэрыялам з раскопак у Лаўрышаве. Пры правядзенні раскопак на Ранняй частцы манастырскага селішча даследавана 160 кв. м культурнага слоя. Фіксіравалася колькасць усіх відаў масавага матэрыяла па квадратах і пластах. Фрагменты раннеганчарнага і познеганчарнага посуду падлічваліся асобна.
У сярэдніх і ніжніх пластах культурнага слоя на Раннім селішчы выяўлена вялікая колькасць раннеганчарнай керамікі. На Раннім селішчы раскопкі поўнасцю вяліся ў 2011 – 2015 гг. і часткова ў 2016 г. Разам было сабрана каля 1 тыс. шт. фрагментаў раннеганчарнага посуду, г. з., на кожны кв. м селішча ў сярэднім прыпадае больш за 6 фрагментаў. У асноўным яны размеркаваны па пластам 7 – 4. Масавасць матэрыяла адназначна ўказвае на функцыянаванне селішча перыяду Высокага сярэднявечча менавіта на гэтым месцы. Пры выхадзе за межы Ранняга селішча таўшчыня культурнага слоя заўважна змяншаецца, і раннеганчарная кераміка практычна не сустракаецца.
Да прыкладу, у 2015 г. (квадраты 35 – 40) паводле палявых вопісаў было сабрана 260 фрагментаў раннеганчарнага посуду, з іх 52 фрагмента вянцоў і 28 фрагментаў донцаў (астатнія – фрагменты сценак). Па пластах культурнага слоя яны размеркаваны наступным чынам: 3 пласт – 7, 4 пласт – 1, 5 пласт – 6, 6 пласт – 120, 7 пласт – 103, 8 пласт – 14, і 9 фрагментаў было знойдзена пры зачыстцы мацярыка. Незначная колькасць фрагментаў не аднесены да пэўнага пласта (пад'ёмны матэрыял і т. п.).
З гэтага падліку бачна, што ў верхніх пластах (1 – 2) культурнага слоя раннеганчарная кераміка сустракаецца крайне рэдка (у 2015 г. не было зусім). На 4 – 5 пласты прыпадае незначная колькасць такой керамікі, якая магла патрапіць туды выпадкова. Колькасць раннеганчарных фрагментаў рэзка падвышаецца ў пласце 6 і застаецца прыкладна такой самай у пласце 7. У перадмацярыковым пласце 8 яе зноў нязначная колькасць. Відавочна, што 6 – 7 пласты адпавядаюць ранняму перыяду існавання селішча.
Месцамі сустракаюцца фрагменты, якія адносяцца да аднаго раннеганчарнага сасуда. Да прыкладу, у 2015 г. пры палявой апрацоўцы матэрыялаў у двух выпадках атрымалася суаднесці і склеіць па 2 фрагмента, у двух выпадках – па 3 фрагмента, і ў адным выпадку – 5 фрагментаў (усе – сценкі). Знойдзена шмат асобных буйных фрагментаў.
Для параўнання: у 2016 г. ля ўскрайку Ранняга селішча быў выкананы невялікі раскоп (квадраты 41 – 43). У ім знойдзена толькі 3 раннеганчарных фрагмента (пласты 5 – 7). Відавочна, што культурны слой у гэтым месцы сфарміраваўся ў больш позні час, пачынаючы з XV ст.
Таксама ў 2016 г. вяліся раскопкі на Познім селішчы, у двары Свята-Успенскай царквы. Таўшчыня культурнага слоя тут меньшая ў 2 разы (4 пласта), і на 8 квадратах знойдзена толькі 2 раннеганчарных фрагмента ў пластах 1 – 2 (відавочна, занесеных выпадкова).
Пададзеныя звесткі сведчаць пра тое, што склад керамікі на Раннім селішчы выразна адрозніваецца ад матэрыялаў Позняга селішча, на якое манастыр пашырыўся, верагодна, не раней XV ст.
Раннеганчарны посуд даманастырскага часу (к. IX – XII стст.)
Зыходзячы з летапісных звестак аб заснаванні матастыра, да 2016 г. меркавалася, што ўвесь раннеганчарны посуд у Лаўрышаве адносіцца да 2 пал. XIII – XIV стст. Аднак у 2017 г. са згоды Шчорсаўскага сельскага выканаўчага камітэта выконвалася расчыстка зараснікаў на старадаўнім участку старых могілак в. Лаўрышава (якія ў вопісу 1802 г. пазначаны і як манастырскія). Месца знаходзіцца на адлегласці каля 0,5 км ад манастырскага селішча, па левы бок ад р. Валоўка, на усходнім ўскрайку вёскі. У ходзе працы быў знойдзены суцэльны па контуру валунны фундамент невялікага храма памерамі 12 х 6 м, пасля чаго было вырашана поўнасцю расчысціць пляцоўку і прылеглы ўчастак. Храм згадваецца ў вопісах 1802 [14, арк. 7], 1824 [15, с. 58–59] гг. як манастырская Крыжаўздвіжанская капліца.
Пры расчыстцы пляцоўкі было сабрана 10 фрагментаў глінянага посуду, сярод іх 1 ляпны VIII – IX стст. і 5 раннеганчарных X – XIV стст. (вызначэнне Н. М. Дубіцкай). На адным з раннеганчарных фрагментаў маецца лінейны арнамент у выглядзе гарызантальных палос. Паводле наваградскай тыпалогіі М. У. Малеўскай, ён найбольш характэрны для XIII ст. (складае 21% з арнаментаванага посуду ў комплексе жытла 17) [16, с. 79, 81].
У 2018 г. пры ўдзеле Н. М. Дубіцкай быў праведзены разбор раннеганчарнай керамікі за ўсе гады раскопак. У выніку сярод захоўваемых матэрыялаў вылучана некаторая колькасць фрагментаў, якія адносяцца да к. IX – XII стст. (рысунак 1). На цяперашні час гэта найбольш ранні ганчарны посуд у Лаўрышаве, ён ўказвае на тое, што паселішча тут існавала яшчэ да ўтварэння манастыра.
1 – фрагмент венца посуду к. IX ст.; 2 – 10 – фрагменты посуду X – XII стст.
Рысунак 1. – Фрагменты раннеганчарнага посуду к. IX – XII стст.
Раннеганчарны посуд манастырскага часу (XIII ст.)
Значную колькасць сярод раннеганчарнай керамікі манастырскага часу складаюць фрагменты гаршчкоў тых тыпаў, якія па навагрудскай класіфікацыі М. У. Малеўскай адносяцца пераважна да XIII ст. [16, c. 31–43]
У тыпалагічнай і храналагічнай класіфікацыі керамікі з Навагрудку X – XIII стст. М. У. Малеўскай было вылучана 9 тыпаў гаршчкоў (група посуду 1) [16, с. 28–43]. Часу XII – XIII стст. адпавядаюць тыпы V – IX. Гаршчкі VI тыпу былі знойдзены ў спалучэнні з гаршчкамі V тыпу ва ўсіх пабудовах XII ст. (хоць і ў меншай колькасці) і амаль адсутнічаюць у збудаваннях XIII ст. Гаршчкі VII тыпу знойдзены амаль ва ўсіх пабудовах XII ст., але ў невялікай колькасці, яшчэ менш іх у збудаваннях і культурным пласце XIII ст. Гаршчкі VIII тыпу знойдзены ва ўсіх пабудовах і культурным пласце XII ст. і ў значна большай колькасці, чым гаршчкі V – VII тыпаў, у пласце і пабудовах XIII ст. Гаршчкі IX тыпу знойдзены ў невялікай колькасці ў пабудовах і культурным пласце 2-й паловы XII ст. і пераважаюць у XIII ст., заходзячы ў яго 2 палову [16, с. 31–43].
Як было адзначана С. Я. Рассадзіным, лаўрышаўская кераміка мае надзейныя аналогіі ў посудным комплексе жылой пабудовы № 17 сяр. XIII ст. з раскопак у Навагрудку. Лічыцца, што жытло загінула ў час пажару пры нападзенні на гэты горад войск галіцкага князя Льва Данілавіча з татарамі зімой 1274 г. [16, с. 79–82]. Паводле М. У. Малеўскай, асаблівасць комплексу пабудовы № 17 з раскопак у Навагрудку – спалучэнне фрагментаў гаршчкоў тыпаў V, VI, VIII, IX. Прычым у адрозненне ад іншых керамічных комплексаў асноўную масу посуду складаюць гаршчкі IX тыпу (тыпы V, VI і VIII прадстаўлены адзінкавымі экземплярамі) [16, с. 79]. Практычна такія самыя гаршчкі прадстаўлены ў фрагментах у Лаўрышаве.
Такім чынам, аналагічныя раннеганчарныя гаршчкі з Лаўрышава можна даціраваць 2 пал. XIII – XIV стст.
У пабудове № 17 раскопак у Навагрудку быў знойдзены таксама збан індывідуальнай формы – з нізкім шырокім горлам з выразным злівам, высокімі стромкімі плечыкамі і акруглым, звужаным унізе корпусам [16, с. 48–49]. У Лаўрышаве знойдзены фрагментаваны збан, які, відавочна, меў такія самыя прапорцыі, але быў большы (рысунак 2).
Рысунак 2. – Фрагмент збана
У Лаўрышаве знойдзена і частка глінянай патэльні – утулка (рысунак 3). Яе даўжыня 6,5 см, вонкавы дыяметр 3,5 см, дыяметр адтуліны 1,5 см. Паверхня ўтулкі цаглянага колеру, без слядоў глазуры. Яна аналагічная "ручкам патэльняў" (група посуду 9) паводле М. У. Малеўскай. У Навагрудку такія "ручкі" былі знойдзены ў пластах пачатку – сярэдзіны XIII ст. [16, с. 54]
Рысунак 3. – Утулка патэльні
Збан і ўтулка патэльні (яны аднесены да індывідуальных прадметаў калекцыі) храналагічна суадносяцца з гаршчкамі.
Сярод знойдзеных у Лаўрышаве фрагментаў донцаў раннеганчарнага посуду на адным у цэнтры маецца рэльефнае кляймо ў выглядзе паралелаграма 4 х 1,5 см, якое выступае на 0,2 – 0,25 см. Паводле класіфікацыі В. Д. Гупала, паралелаграмападобныя клеймы адносяцца да тыпу IV групы Б. Яны былі распаўсюджаны ў X – XII стст., у XIII ст. рэдкія, а ў XIV ст. – адзінкавыя [17, с. 236].
Заключэнне
- Масавы раннеганчарны посуд, які выяўлены пры археалагічных даследаваннях у Лаўрышаве, падцвярджае існаванне тут селішча перыяду Сярэдневякоўя. Некаторая частка гэтага матэрыялу адносіцца да к. IX – XII стст., што ўказвае на існаванне вёскі даманастырскага часу.
- Раннеганчарны посуд XIII ст. тыпалагічна суадносіцца з матэрыяламі археалагічных даследаванняў сярэдневяковага Навагародка.
- Дзве розначасовыя часткі манастырскага селішча XIII – 1-ай пал. XIX стст. ў в. Лаўрышава мэтазгодна называць адпаведна Раннім (з даследаванымі археалагічнымі пластамі 2 пал. XIII – XIV ст.) і Познім (з XV ст.) селішчамі. Мэтазгодна правесці работу па наданню селішчу статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.
Матэрыялы даследаванняў захоўваюцца ў Лаўрышаўскім манастыры. Аўтар гэтага артыкула выказвае шчырую ўдзячнасць манаху а. Феадосію, захавальніку царкоўна-гістарычнага музея манастыра, за каштоўныя меркаванні і краязнаўчыя звесткі, якімі ён падзяліўся падчас правядзення экспедыцый. Навуковыя справаздачы аб праведзеных раскопках захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі [18].
Спіс выкарыстаных крыніц
1. ПСРЛ. – Т. 2. Ипатьевская летопись [Электронный ресурс] // Санкт-Петербург, 1908. – Стлб. 859. – Режим доступа: http://litopys.org.ua/ipatlet/ipat37.htm – Дата доступа: 19.11.2018.
2. Краўцэвіч, А. К. Войшалк (1264 – 1267 г.). Інтэлігент на троне [Электронны рэсурс] / А. К. Краўцэвіч // pawet.net – 2008. – 27 чэрвеня. – Рэжым доступу: http://pawet.net/library/history/bel_history/kraucewicz/29/%D0%92%D0%BE%D0%B9%D1%88%D0%B0%D0%BB%D0%BA_%281264_-_1267_%D0%B3.%29._%D0%86%D0%BD%D1%82%D1%8D%D0%BB%D1%96%D0%B3%D0%B5%D0%BD%D1%82_%D0%BD%D0%B0_%D1%82%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%B5.html – Дата доступу: 19.11.2018.
3. Koiałowicz, A. Miscellanea rerum ad statum ecclesiasticum in Magno Lithuaniae Ducatu pertinentium [Electronic resource] / А. Koiałowicz. – Vilnae : Tipis Academicis, 1650. – Modus accessum: http://www.dbc.wroc.pl/dlibra/doccontent?id=8527&from=FBC – Aditus date: 19.11.2018.
4. Płonka-Bałus, K. Inwentarz Średniowiecznych i nowożytnych europejskich rękopisów iluminowanych Biblioteki Książat Czartoryskich [Zasob elektroniczny] / K. Płonka-Bałus // media.mnk.pl – Tryb dostępu: http://media.mnk.pl/images/upload/oddzialy/czartoryscy/biblioteka/pliki/Inwentarz_sredniowiecznych_i_nowozytnych_europejskich_rekopisow_iluminowanych_BCz.pdf – Dostęp data: 19.11.2018.
5. Темчинас, С. Ю. Основание Лавришевского монастыря в свете рукописной продукции книжника Иева (вторая половина XIII века) / С. Ю. Темчинас // «Вертоград многоцветный». Сборник к 80-летию Бориса Николаевича Флори / Институт славяноведения РАН. – Москва : Индрик, 2018. – С. 155–161.
6. Обмежевание спорных земель Лавришовского монастыря, произведенное Новгородским наместником Петрашем Монтигирдовичем, по приказанию великого князя Витовта [Электронный ресурс] // Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. – Т. 11. – Вильна : Типография А. В. Сырнина, 1880. – С. 3–4. – Режим доступа: http://www.runivers.ru/lib/book3036/9555/ – Дата доступа: 19.11.2018.
7. Гудмантас, К. "Натыфікацыя пра Лаўрышаўскі манастыр, выпісаная са старой летапіснай хронікі" Дзяметрыя Занкевіча. Даследаванне і публікацыя крыніцы [Электронны рэсурс] / К. Гудмантас, А. Рычкоў // Архэ. Пачатак. – 2016. – № 2. – С. 329–349. – Рэжым доступу: https://arche.by/item/6164 – Дата доступу: 19.11.2018.
8. Фундуш Аляксандра Іванавіча Хадкевіча Лаўрашаву манастыру 3 сакавіка 1517 г. / Archiwum klasztoru Ławryszowskiego przepisane roku 1791 // Vilniaus universiteto biblioteka. Rankraščių skyriaus rinkiniai. – Rps. F А-2105.
9. Краўцэвіч, А. К. Археалагічныя даследаванні Лаўрышаўскага манастыра на Панямонні / А. К. Краўцэвіч // З глыбі вякоў. Наш край. – Мінск : Навука і тэхніка, 1996. – В. 1. – С. 227–234.
10. Галоўка, С. Тайны Лаўрышаўскага манастыра: шлях да разгадак [Электронны рэсурс] / С. Галоўка // Беларуская думка. – 2015. – № 11. – С. 50–57. – Рэжым доступу: http://beldumka.belta.by/isfiles/000167_258455.pdf – Дата доступу: 19.11.2018.
11. Калбасін, А. Археалагічныя раскопкі як сродак выхавання асобы / А. Калбасін // От идеи – к инновации : материалы XII респ. студ. науч.-практ. конф. Мозырь, 23 апр. 2015 г. В 2 ч. Ч. 2 / УО МГПУ им. И. И. Шамякина; редкол.: И. Н. Кралевич (отв. ред.) [и др.]. – Мозырь, 2015. – 310 с. – C. 141–142.
12. Рассадин, С. Подземное сооружение Успенской церкви в д. Лавришеве на Новогрудчине / С. Рассадин, Т. Маслюков // Історія та сучасність православ'я на Волині: матеріали VІI науково-практичної конференції (Луцьк, 8 листопада 2016 р.). / Волинська єпархія УПЦ, Волинська духовна семінарія, Видавничий відділ Волинської єпархії. – Луцьк, 2016. – 196 с. – С. 122–124.
13. Блакітная кніга Беларусі: энцыкл. / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 1994. – 415 с.
14. Wiadomość o Klasztorze Bazyliańskim Ławryszewskim, 1802 r. // Центральний державний історичний архів України у Львові. – Ф. 201. Оп. 4б. Спр. 539.
15. Wiadomość o Klasztorze Zakonu S[więtego] Bazylego W[ielkiego] Ławryszowskim znayduiącym się w Gubernii Grodzieńskiey, Powiecie Nowogródzkim, we wsi funduszowej Ławryszów zwaney, w Dyecezyi Brzeskiey Rzymsko-Unitskiey Roku 1824 Miesiąca Czerwca 20 Dnia wsk, 1824 r. // Vilniaus universiteto biblioteka. Rankraščių skyriaus rinkiniai. – Rps. F 4-35674 (A-2314).
16. Малевская, М. В. Керамика западнорусских городов Х – ХІІІ вв. [Электронный ресурс] / М. В. Малевская. – Санкт-Петербург : Изд-во Санкт-Петербургского института истории РАН "Нестор-История". – 2005. – 160 с. – Режим доступа: https://eknigi.org/kultura/131353-keramika-zapadnorusskix-gorodov-x-xiii-vv.html – Дата доступа: 19.11.2018.
17. Гупало, В. Д. Гончарные клейма Прикарпатья и Западной Волыни (опыт систематизации) / В. Д. Гупало // Советская археология. – 1985. – № 4. – С. 236–242.
18. Рассадзін Сяргей Яўгеньевіч // Археалогія Беларусі. Каталог архіўных навуковых матэрыялаў : у 3 ч. / НАН Беларусі, Інстытут гісторыі ; склад.: В. У. Мядзведзева, К. А. Мядзведзеў. – Мінск : Беларуская навука, 2018. – Ч. ІІІ. – С. 374–376.
Рэцэнзент артыкула: намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай працы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар гістарычных навук С. П. Віцязь.
(Магистерский вестник: в 3-х ч. / редкол.: М. Г. Жилинский [и др.]. – Минск : ИВЦ Минфина, 2018. – Ч. 1. Гуманитарные науки. – С. 58–65.)