У чэрвені 2022 г. у Мінску адбыліся два пасяджэнні Цэнтральнай экспертна-метадычнай камісіі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. На іх упершыню былі зацверджаны і прызнаны як унікальныя 12 гістарычных дакументаў. Яны адносяцца да XV – XVІІ стагоддзяў і захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску.
6 дакументаў звязаны з гісторыяй аднаго з самых ранніх мужчынскіх манастыроў у Беларусі – Лаўрышаўскага манастыра, які на працягу некалькіх стагоддзяў з’яўляўся важнейшым духоўным цэнтрам.
Асноўная частка дакументаў напісана на старабеларускай мове.
Дакументы былі апісаны ў выніку карпатлівай працы работнікаў архіва. Яны адпавядаюць большасці з 8-мі прынятых крытэрыяў для вызначэння ўнікальнасці: старажытнасць (дакументы, створаныя да пачатку XVIII ст.), адносіны дакумента да гістарычнай асобы, мастацкія асаблівасці дакумента, палеаграфічныя і лінгвістычныя асаблівасці, аўтэнтычнасць, безумоўная гістарычная, навуковая, сацыяльная, эканамічная, палітычная і культурная каштоўнасць.
1451 г., 4 кастрычніка. Ліст караля польскага і вялікага князя ВКЛ Казіміра Казіміравіча новагародскаму ваяводзе Пятру Манцігердавічу аб дазволе Лаўрышаўскаму манастыру не плаціць пошлін кіеўскаму мітрапаліту.
1461 г., 21 мая. Ліст караля польскага і вялікага князя ВКЛ Казіміра Казіміравіча новагародскаму намесніку Юшку Гойцавічу аб перадачы Лаўрышаўскага манастыра ў кіраванне свяшчэннаінаку Іону.
1488 г., 5 верасня. Фундушавы ліст Дашкі Яцкавіча Храптовіча Лаўрышаўскаму манастыру на даннікаў сяла Шчорсы Новагародскага павета Троцкага ваяводства Марочку Міхалкавіча, яго пляменніка Іванца, а таксама парабка Стафана.
1506 г., 28 снежня. Ліст караля польскага і вялікага князя ВКЛ Аляксандра Казіміравіча жамойцкаму старасце і троцкаму кашталяну Станіславу Янавічу Кезгайлавічу аб накіраванні новагародскага намесніка Альбрыхта Марцінавіча для размежавання зямлі па скарзе лаўрышаўскага архімандрыта Пракопія на разрабаванне Кезгайлавічам зямель і падданых Лаўрышаўскага манастыра.
1433 – 1434 г. Фундушавы ліст князя слуцкага і капыльскага (у далейшым – кіеўскага) Аляксандра Уладзіміравіча Лаўрышаўскаму манастыру на данніка Пятра Саковіча і дзесяціну з двара Турэц Новагародскага павета Троцкага ваяводства. Найбольш ранні захаваны ў арыгінале дакумент, у якім манастыр названы як Лаўрышаўскі («Лаврошев»).
1492 г., 5 мая. Мяноўны ліст гаспадарскага маршалка, дворнага падскарбія, слонімскага намесніка Яна Багданавіча Літавора Храптовіча Лаўрышаўскаму манастыру на зямлю з адной цяглай службай у вёсцы Мілушава Новагародскага павета Троцкага ваяводства за адмову ад дзесяціны з двара Дзераўная Новагародскага павета.