Лаўрышаўскае Евангелле – выдатны прыклад ілюстраванай рукапіснай кнігі ў Беларусі ў перыяд Сярэдневякоўя. Па значнасці яго можна параўнаць з такімі гістарычнымі каштоўнасцямі, як крыж Ефрасінні Полацкай і фрэскі XII стагоддзя ў Спаса-Праабражэнскай царкве ў Полацку.
Пасля хрышчэння ўсходніх славян у канцы X ст. (988 г.) у беларускіх землях будаваліся храмы і манастыры. Для забяспячэння іх кнігамі ў буйных мужчынскіх манастырах стваралі майстэрні – скрыпторыі. У скрыпторыях працавалі спецыяльна падрыхтаваныя манахі, якія старанна перапісвалі старонкі кніг. У асаблівых выпадках выраблялі кнігі з прыгожымі малюнкамі – кніжнымі мініяцюрамі. Праца над такой кнігай была доўгай і карпатлівай.
Самыя раннія кнігі на беларускіх землях, якія захаваліся да нашага часу – Евангеллі: Тураўскае (XI ст.), Полацкае (канец XII – пачатак XIII ст.), Аршанскае (паходзіць, верагодна, з Полацку, кан. XII – пач. XIII ст.). і Лаўрышаўскае. Аршанскае Евангелле – самае ранняе, у якім ёсць мініяцюры (2 ілюстрацыі). Адзначым, што Лаўрышаўскае Евангелле стаіць у гэтым шэрагу разам з кнігамі, якія адносяцца да Полацка і Турава – самых старажытных беларускіх гарадоў. Гэты факт указвае на тое, што для праваслаўнай царквы Лаўрышаўскі манастыр меў у Панямонні такое ж значэнне, якое ў сваіх землях мелі цэнтры першых беларускіх епархій – Полацк і Тураў.
Лаўрышаўскі манастыр, паводле Галіцка-Валынскага летапісу, быў заснаваны каля 1258 г. пры ўдзеле князя-манаха Войшалка Міндоўгавіча (вялікі князь ВКЛ у 1264 – 1267 гг.). А калі было створана Лаўрышаўскае Евангелле? Апошні, хто вывучаў гэта пытанне ў 2018 г. – доктар філалагічных навук, прафесар Сергіус Цемчынас (Літва). Ён вызначыў, што тэкст двух старонак у Лаўрышаўскім Евангеллі (Канон на плач Багародзіцы) напісаў той жа манах-перапісчык, які выканаў тэкст кнігі “Парэнесіс Яфрэма Сірына” (яна захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу). Імя гэтага манаха-кніжніка – Іеў. Прычым вядома, што “Парэнесіс” быў перапісаны паміж 1269 і 1288 г. Значыць, і Лаўрышаўскае Евангелле было створана ў 1260 – 1280-х гг. – такую выснову зрабіў С. Цемчынас.
Адметнасць Лаўрышаўскага Евангелля ў тым, што гэта высокамастацкая кніга. У ёй змешчана 18 мініяцюр на біблейскую тэматыку. Падобныя кнігі вырабляліся індывідуальна для вялікіх саборных храмаў альбо значных манастыроў, на шчодрае ахвяраванне заказчыка. Некаторыя даследчыкі выказваюць меркаванне, што кніга была выраблена па заказу Войшалка (да якога адносяць інацкае імя Лаўрыш, Лаўрэнцій).
Больш за 500 год кніга належала Лаўрышаўскаму манастыру. У XIX ст. сярод знатных асобаў стала папулярна калекцыяніраванне старадаўніх рукапісаў. Лаўрышаўскае Евангелле набыў князь А. Чартарыйскі і вывез яго ў Польшчу (Беларусь і Польшча тады знаходзіліся ў складзе Расійскай імперыі). З таго часу Евангелле захоўваецца ў Бібліятэцы князёў Чартарыйскіх у г. Кракаве (якая зараз адносіцца да Нацыянальнага музея ў Кракаве). У 1887 г. была праведзена рэстаўрацыя кнігі. У 2018 г. украінскае выдавецтва “Гарабец” выпусціла факсімільнае выданне (поўную копію) Лаўрышаўскага Евангелля. Па аднаму асобніку кнігі выдавецтва перадала ў Лаўрышаўскі манастыр, Навагрудскую раённую бібліятэку і Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Цяпер любы чалавек можа ўбачыць, як выглядае кніга, а даследчыкам, якія вывучаюць яе тэксты і мініяцюры, не трэба ехаць у Кракаў.
З 2011 г. у в. Лаўрышава вядуцца археалагічныя даследаванні. Пры раскопках знойдзены прадметы, якія выраблены ў XIII ст. – у той час, калі быў заснаваны манастыр і створана Лаўрышаўскае Евангелле. Ёсць нават знаходкі, якія адносяцца да XII ст. – яны сведчаць пра тое, што манастыр, відавочна, быў заснаваны на месцы больш ранняга паселішча (магчыма, княжацкага ўладання, якое Войшалк ахвяраваў манастыру пры яго заснаванні).
Т. Маслюкоў
Фотаздымкі
- Арыгінал Лаўрышаўскага Евангелля ў Бібліятэцы Чартарыйскіх (Фота: Аляксандр Суша.)
- Прэзентацыя факсімільнага выдання Лаўрышаўскага Евангелля ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, 2019 г.: намеснiк дырэктара бiблiятэкi, кандыдат мастацтвазнаўства А. Суша распавядае пра археалагiчную экспазiцыю XIII – XIV ст. з Лаўрышаўскага манастыра (у правай вiтрыне). Каля экспазiцыі – Надзвычайны i Паўнамоцны пасол Украiны ў Рэспублiцы Беларусь Iгар Кiзiм (з правага боку) i намеснiк мiнiстра культуры Рэспублiкi Беларусь Сяргей Шарамецьеў.
- Ажурная накладка на сумку, XII – XIII ст. Бронза, пасерабрэнне. Лаўрышава, археалагічныя раскопкі С. Я. Рассадзіна 2015 г. Царкоўна-гістарычны музей Лаўрышаўскага манастыра. (Фота: Аляксандра Савіцкая.)