Вы здесь

Князь Войшалк – магчыма, заснаваў манастыр і ў Балгарыі

Адзін з заснавальнікаў Лаўрышаўскага манастыра – князь Войшалк – магчыма, заснаваў манастыр і ў Балгарыі

 

На навуковым сімпозіуме, які прайшоў ва ўніверсітэце імя святых Кірылы і Мяфодзія ў балгарскім горадзе Вяліка-Тырнава, была прадстаўлена версія аб тым, што адзін з заснавальнікаў Лаўрышаўскага манастыра – князь-манах Войшалк Міндоўгавіч – заснаваў манастыр і ў Балгарыі.

З дакладам на гэту тэму выступіў гісторык Івайла Стаянаў, які два гады таму наладзіў сувязь з Лаўрышаўскім манастыром.

З летапісу другой паловы XIII стагоддзя вядома, што навагрудскі князь Войшалк (старэйшы сын першага вялікага князя ВКЛ Міндоўга) прыняў хрышчэнне ў праваслаўі і сыйшоў у манастыр у Галіцка-Валынскім княстве, і там стаў манахам. Затым ён выправіўся ў паломніцтва на Святую Гару (Афон), але не змог дайсці туды з-за мяцежа ў Балгарыі.

Згодна летапісу, Войшалк каля 1258 года вернуўся на Навагародчыну, заснаваў тут манастыр і жыў у ім. Манастыр стаў называцца Лаўрашаў, а першая манастырская вёска – Лаўрышава, таму даследчыкі мяркуюць, што Лаўраш (Лаўрэнцій) – праваслаўнае імя Войшалка, які мог выступіць кцітарам – даць манастыру зямлю. Першым ігуменам манастыра быў яшчэ адзін з яго заснавальнікаў – прападобны Елісей.

Пра балгарскі перыяд жыцця Войшалка летапіс не паведамляе. Але ў Балгарыі існуюць звесткі аб тым, што прыкладна ў той жа час князь-манах з Русі па імені Георгій Глож заснаваў манастыр св. Георгія Пабеданосца, які размешчаны каля вёскі Гложэне.

Аднак у пісьмовых крыніцах Русі і ВКЛ князь з такім імём не вядомы.

Івайла Стаянаў, вывучаючы архіўныя дакументы, якія захоўваюцца ў Балгарыі, выказаў здагадку, што пад імём Георгій там знаходзіўся Войшалк. Хоць Войшалк прыбыў у Балгарыю як манах, там, верагодна, ведалі, што ён з вялікакняжацкага роду і з’яўляецца спадчыннікам трону ВКЛ. Згодна звычаям, паведаміць аб гэтым балгарскім уладам павінен быў князь галіцка-валынскіх зямель, з якіх Войшалк накіраваўся ў Балгарыю.

Даследчык лічыць, што менавіта Войшалк пры падтрымцы балгарскага цара заснаваў Гложэнскі манастыр і жыў у ім.

Цяпер гэты манастыр і вёска ўваходзяць у кмецтва (сельскую акругу) Галям-Ізвор у Цецевенскай абшчыне Ловецкай вобласці. Манастыр адносіцца да Лаўчанскай епархіі Балгарскай праваслаўнай царквы.

Такім чынам, магчыма, адчыняецца яшчэ адна старонка гісторыі, звязаная і з Лаўрышаўскім манастыром.

VIII Міжнародны сімпозіум “Адукацыя 21 стагоддзя” быў арганізаваны гістарычным факультэтам Вялікатырнаўскага ўніверсітэта святых Кірылы і Мяфодзія (другі па вялічыні ўніверсітэт Балгарыі пасля Сафійскага). Даследчык самастойнай практыкі Івайла Стаянаў закончыў багаслоўскі факультэт гэтага ж універсітэта па спецыяльнасці “Багаслоўе”, а таксама прайшоў перападрыхтоўку па спецыяльнасці “Гісторыя”. Яго даклад будзе апублікаваны ў навуковым зборніку ўніверсітэта.

 

Здымкі:

1 – Гложэнскі манастыр святога вялікамучаніка Георгія Пабеданосца (фота: старонка “Ловчанска Епархия” ў сацыяльнай сетцы “Фэйсбук”).

2 – гістарычны факультэт Вялікатырнаўскага ўніверсітэта святых Кірылы і Мяфодзія (фота: адукацыйны сайт https://uchi.bg).

Было полезно? Поделитесь с друзьями