У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (НГАБ) знойдзены ліст 1628 года, у якім згадваюцца асноўныя збудаванні Лаўрышаўскага манастыра, у тым ліку – капліца ў в. Лаўрышава. Раней быў выяўлены фундамент гэтай капліцы, і вяліся яго археалагічныя раскопкі.
Знойдзены дакумент – пісьмо Феафана Вяліконція, архімандрыта ўтворанага ў пачатку XVII стагоддзя Барысаглебскага манастыра ў Навагрудку, да якога прыпісалі і Лаўрышаўскі манастыр. Пісьмо напісана 20 чэрвеня 1628 года. Яно адрасавалася канцлеру ВКЛ князю Альбрэхту Радзівілу, якому належаў маёнтак Нягневічы, суседні з землямі Лаўрышаўскага манастыра.
У лісце згадваюцца манастырскія храмы ў Лаўрышаве – «старая царква» і «капліца на могілках». Раней пры археалагічным абследаванні быў выяўлены фундамент гэтай капліцы, які складзены з валунных камянёў. Капліцамі ў Беларусі называлі невялікія цэрквы.
У 2019 і 2021 г. праводзіліся першыя два этапы археалагічных раскопак фундамента. У выніку было вызначана, што капліца будавалася не пазней XVII стагоддзя. Знойдзеныя цяпер пісьмовыя звесткі аб існаванні капліцы ў 1628 г. не супярэчаць археалагічнай даціроўцы.
Разам з тым, у лісце 1628 г. напісана, што ў Лаўрышаве ў той час жыў толькі 1 манах сталога ўзросту. Відавочна, астатнія манахі пасля ўтварэння Барысаглебскага манастыра ў Навагрудку перасяліліся туды. Таму верагодна, што капліца была пабудавана раней, калі манастырскае жыццё ў Лаўрышаве было на ўздыме.
«Старая царква» – гэта, несумненна, Успенская (першыя пісьмовыя звесткі пра яе пад гэтым жа імём адносяцца да 1517 г.). Яна знаходзілася прыкладна там жа, дзе і цяперашні Успенскі храм.
У лісце 1628 г. згадваецца таксама манастырскі фальварак у Лаўрышаве. З больш позніх дакументаў вядома, што ён размяшчаўся на левым беразе р. Валоўка – на тым месцы, дзе зараз стаіць драўляны будынак старой школы. У лісце пазначана, што ў 1628 г. фальварак даглядала адна работніца – ключніца, сталога ўзросту.
У далейшым самастойнасць манастыра ў Лаўрышаве была узноўлена ў XVIII стагоддзі. У вопісах XIX ст. капліца ў Лаўрышаве названа Крыжаўздвіжанскай. Раней меркавалася, што могілкі ўзніклі каля капліцы ў пачатку XIX ст., але ліст 1628 г. сведчыць, што яны існавалі і ў XVII стагоддзі. Капліца дзейнічала, відавочна, да 1939 года. Яе каменны фундамент захаваўся поўнасцю, ён з’яўляецца прыкладам таго, як будаваліся малыя храмы ў мінулым.
Такім чынам, дакумент 1628 г. дапаўняе вядомыя нам факты з гісторыі Лаўрышаўскага манастыра і падцвярджае, што Крыжаўздвіжанская капліца існавала з даўніх часоў. У НГАБ маюцца і іншыя дакументы, якія адносяцца да Лаўрышава. Аднак яны не сабраны разам, а захоўваюцца ў розных справах, таму вядзецца праца па іх выяўленні і сістэматызацыі.
Т. В. Маслюкоў
Фота 1. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.
Фота 2. Паўднёва-заходняя частка фундамента капліцы, верхні слой. На заднім плане бачна яго апсіда (археалагічныя раскопкі 2019 г.).