Вы здесь

Выдатную адзнаку за дыпломную работу па тэме археалагічнага турызму атрымала ўдзельніца раскопак у Лаўрышаве

На факультэце міжкультурных камунікацый Беларускага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта ў 10 балаў ацанілі дыпломную работу студэнткі Дар’і Радзівонавай – неаднаразовай удзельніцы археалагічных раскопак у Лаўрышаве. Работа была падрыхтавана па тэме археалагічнага турызму.

Каб было зразумела, наколькі строга праходзіла абарона дыпломных работ, адначым, што гэта – адзіная “дзясятка” ў групе.

Дар’я ўдзельнічала ў якасці валанцёра ў раскопках, пачынаючы са школьнага ўзросту, у складзе падлеткавай групы настаўніцы гісторыі Ірыны Яўгеньеўны Радзецкай.

Ужо з’яўляючыся студэнткай, Дар’я Радзівонава (да шлюбу Быстрыцкая) прымала ўдзел у раскопках фундамента XVI – пачатку XVII стагоддзяў Крыжаўздвіжанскай царквы ў Лаўрышаве. Гэты храм, першыя пісьмовыя звесткі пра які адносяцца да 1628 года, належаў Лаўрышаўскаму манастыру.

Калі надыйшоў час рыхтаваць дыпломную работу, Дар’я абрала тэму “Археалагічны турызм: міжнародны досвед і перспектывы развіцця ў Беларусі”. Сярод іншага, яна правяла даследаванне інтарэса людзей да археалагічнага турызму (выбарка склала 269 чалавек), у выніку быў распрацаваны археалагічны тур “Стары Менск” і дадзены рэкамендацыі па развіццю падобнага турызма.

Удзельнікі лаўрышаўскіх археалагічных раскопак рады за выдатную адзнаку, атрыманую Дар’яй, і жадаюць ёй далейшых поспехаў.